ЧО́РНА-ПЯРЭ́СТАЯ ПАРО́ДА буйной рагатай жывёлы, парода малочнага кірунку. Выведзена ў розных рэгіёнах Еўразіі скрыжаваннем мясц. жывёлы з чорна-пярэстымі пародамі галандскага паходжання. Вылучаюць пародныя адгалінаванні (сярэднярус., уральскае, сібірскае і прыбалтыйскае) і групы (Беларусі, Украіны, Расіі і інш.), якія адрозніваюцца экстэр’ерам, надоямі і тлустасцю малака. Бел. пародная група Ч.-п. выведзена ў Бел. НДІ жывёлагадоўлі (М.​П.​Грынь, А.​М.​Якусевіч, І.​М.​Каранец), складае больш за 98% пагалоўя буйн. раг. жывёлы на Беларусі. Асн. племянныя гаспадаркі: «Чырвоная зорка» Клецкага р-на Мінскай вобл., «Рось» Ваўкавыскага р-на і «Карэлічы» Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. і інш.

Жывёлы буйныя. Целасклад прапарцыянальны, канстытуцыя дужая, касцяк і мускулатура добра развітыя. Тулава падоўжанае. Спіна шырокая, шыя сярэдняй даўжыні, тонкая. Вымя прапарцыянальнае, пераважна чашападобнае Масць чорна-пярэстая. Маса быкоў 850—1050 кг, кароў 450—500 кг. Скараспелыя, добрая мясная прадукцыйнасць, забойны выхад 55—57%, надоі малака за год 3000—4000 кг (патэнцыяльна да 7000), тлустасць 3,5—3,6%.

Чорна-пярэстая парода.

т. 17, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)